ЛО́НДАНСКІЯ КАНВЕ́НЦЫІ АБ ЧАРНАМО́РСКІХ ПРАЛІ́ВАХ міждзяржаўныя пагадненні аб умовах міжнар. рэжыму Чарнаморскіх праліваў Басфор і Дарданелы

(іх берагі належаць Турцыі),

падпісаныя ў Лондане ў 19 ст. 1) Канвенцыя ад 13.7.1841 паміж Расіяй, Вялікабрытаніяй, Аўстрыяй, Прусіяй і Турцыяй абавязвала Турцыю ў мірны час не прапускаць праз Чарнаморскія пралівы замежныя ваен. судны, у т.л. расійскія. Фактычна скасавала Ункяр-Іскелесійскі дагавор 1833, які прадугледжваў сумеснае выкарыстанне і абарону праліваў Расіяй і Турцыяй; рас. ваен. флот быў запёрты ў Чорным м. 2) Канвенцыя ад 13.3.1871 паміж Расіяй, Турцыяй, Германіяй, Аўстра-Венгрыяй, Італіяй, Вялікабрытаніяй і Францыяй у асноўным пацвердзіла ўмовы канвенцыі 1841, але Турцыі дазвалялася ў мірны час прапускаць праз пралівы ваен. судны «дружалюбных і саюзных дзяржаў», што аб’ектыўна было накіравана супраць Расіі. Санкцыяніравала адмену артыкулаў Парыжскага мірнага дагавора 1856, якія забаранялі Расіі трымаць на Чорным м. ваен. флот і будаваць умацаванні.

Літ.:

Дранов Б.А. Черноморские проливы: Междунар.-правовой режим. М., 1948. С. 95—124.

т. 9, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)